КАНТА́КТАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

паклады карысных выкапняў, якія ўзнікаюць у зямной кары на кантакце гарачых магматычных парод з умяшчальнымі пародамі. Падзяляюцца на кантактава-метамарфічныя (узнікаюць ад дзеяння высокай т-ры на ўмяшчальныя пароды) і кантактава-метасаматычныя, пры ўтварэнні якіх у пароды пранікаюць лятучыя кампаненты (пара вады, бору. хлору, фтору) і цяжкія металы. Асабліва падлеглыя кантактаваму метасаматызму карбанатныя пароды (гл. Скарны). К.р. — важная крыніца руд жалеза, хрому, медзі, цынку, свінцу, вальфраму, малібдэну, золата, а таксама неметал. карысных выкапняў — мармуру, карунду, андалузіту.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)